«НА́ША ВО́ЛЯ»,

легальная газета народнафронтаўскага кірунку. Выдавалася з 24.12.1935 да 23.8.1936 у Вільні на бел. мове. Напачатку выходзіла 1 раз у 2 тыдні, з 20.3.1936—1 раз у месяц. Рэдактар-выдавец В.​Склубоўскі. Садзейнічала ўключэнню ў рэв. барацьбу новых слаёў грамадства, збліжэнню дэмакр. інтэлігенцыі з КПЗБ. Выступала супраць фашызацыі грамадства, пісала пра барацьбу супраць гітлерызму, папулярызавала лозунгі КПЗБ па стварэнні антыфаш. нар. фронту ў Зах. Беларусі, заклікала да саюзу паміж рабочымі і сялянамі, паведамляла пра стачкі і забастоўкі, што адбываліся на зах.-бел. прадпрыемствах. Выступала за нармалізацыю міжнац. адносін паміж народамі, што жылі ў Зах. Беларусі, у абарону бел. нац. культуры, мовы, л-ры, за адзіны зах.-бел. літ. фронт. Друкавала творы М.​Танка, М.​Васілька, М.​Машары, М.​Засіма, А.​Іверса, Г.​Праменя (І.​Пышко), С.​Малько, М.​Бурсевіча, Р.​Шырмы, Н.​Тарас і інш. Супрацоўнічала з польск. дэмакр. газ. «Poprostu» («Папросту»). Выйшла 13 нумароў, з іх 3 канфіскаваны. Забаронена польск. ўладамі.

С.​В.​Говін.

т. 11, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)